20:50 На Камянеччыне прайшоў беларуска-польскі пленэр, прысвечаны памяці Фёдара Дарашэвіча | |
Кожны горад варты таго, каб яго малявалі. Заўсёды цікава паглядзець, якімі
паўстануць на палатне знаёмыя вуліцы і будынкі, як іх бачыць мастак… Высокае
ўжо другі раз запар стала крыніцай натхнення для творцаў – удзельнікаў шостага
рэгіянальнага беларуска-польскага пленэра, прысвечанага памяці беларускага
жывапісца Фёдара Дарашэвіча, ураджэнца Каменца. З 10 па 15 чэрвеня мастакі Анатолій Туркоў, Эдмунд Вільк, Ярослаў Геза,
Наталля Скарга, Ігар і Вольга Раманчукі, Сяргей Касцюк, Васілій Грынь, Анатолій
Меліхавец працавалі пад адкрытым небам, сузіралі прыгажосць, прапускалі яе праз
прызму свайго ўспрымання, а потым адлюстроўвалі з дапамогай фарбаў. Пераходзячы ад карціны да карціны (іх выставілі ў фае гарадскога Дома
культуры), гледачы то пазнавалі розныя куточкі роднага горада, то ўглядаліся ў
твары людзей, што пазіралі з партрэтаў, то спрабавалі ўдыхнуць водар
намаляваных кветак, якія здаваліся такімі жывымі! Чула, як дзяўчаткі-школьніцы
шапталіся ля аднаго з пейзажаў: "Памятаеш, мы бачылі, як стваралася гэта
карціна!” Вось яно, далучэнне да сапраўднага мастацтва. Неўзабаве музыка паклікала гасцей у актавую залу, дзе распачынаўся "Добры
канцэрт”, падрыхтаваны мясцовымі артыстамі. Гучалі песні на рускай і беларускай
мовах, прачулы маналог у выкананні Алега Грыпічука, а потым на сцэну запрасілі
аднаго з мастакоў, Анатолія Меліхаўца з Брэста, які аказаўся яшчэ і спеваком.
Пад гітару ён выканаў гумарыстычную песню. Кожны жадаючы выказаўся са сцэны, а
потым надышоў час уручэння ганаровых дыпломаў, якія будуць нагадваць мастакам
аб шостым беларуска-польскім пленэры. Акрамя таго, ім перадалі смачныя пачастункі
ад СААТ "Белавежскія сыры”. Пасля канцэрта разыходзіцца ніхто не спяшаўся. Ля карцін вяліся гутаркі аб
мастацтве, кожны мог задаць пытанне мастаку. Як было ўпусціць такую магчымасць?
З 30 карцін шостага пленэру 10, па адной ад кожнага мастака, застануцца ў
горадзе, каб папоўніць калекцыю, у якой ужо ёсць работы, створаныя летась
падчас пятага. У іх – Высокае вачамі мастакоў. А якое яно ў вашых вачах?
Параўнайце. | |
|
Всего комментариев: 0 | |