13:44 Ці з’явіцца ў пушчы буры мядзведзь? | |
У апошні час у сродках
масавай інфармацыі з’явіліся паведамленні аб тым, што ў Белавежскай пушчы
неўзабаве з’явіцца буры мядзведзь. Неадназначную рэакцыю выклікалі гэтыя весткі
ў мясцовага насельніцтва. Пытанне аб аднаўленні папуляцыі бурага мядзведзя ў пушчы закранулі
вучоныя Германіі ў 2011 годзе, якія прапанавалі гэты праект. Затым падключылася
Нацыянальная Акадэмія навук РБ. Сярод насельніцтва збіралі подпісы, каб
высветліць адносіны людзей да праекта. Са слоў навукоўцаў, каля 70% мясцовых
жыхароў не супраць увозу і рассялення мядзведзяў у пушчы. Канчаткова рашэнне не
прынята, гэты беларуска-германскі праект знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Буры мядзведзь – самы буйны драпежнік Еўропы, пасля знікнення вялікіх
лясных масіваў разам з зубрам знайшоў сабе прытулак у Белавежскай пушчы. У 18
стагоддзі мядзведзяў у пушчы было шмат, іх узмоцнена знішчала лясная ахова,
спасылаючыся на тое, што гэты звер небяспечны для іншай дзічыны, асабліва для
зубра. Вядома, мядзведзі часам нападалі на зубраў, але тыя ўмелі за сябе
пастаяць. Таму і звестак пра гэта ў літаратуры захавалася нямнога. Так, у 1844 годзе паблізу дарогі з Белавежы ў Рудню быў забіты магутны і
дужы мядзведзь, які заеў старога, таксама вялікага зубра. Змагаліся два волаты
на прасторы прыкладна ў сто квадратных сажняў. Зубр доўга цягаў на сабе
мядзведзя. Відаць, гэты выпадак і паслужыў асновай для напісання Н.Самокішам
карціны ў якасці ілюстрацыі да кнігі Карцова "Белавежская пушча”. Яшчэ два выпадкі, калі мядзведзь заядаў зубра, былі зарэгістраваны ў 1832
і 1842 гадах. На пачатку 19 стагоддзя са спасылкай на барацьбу з драпежнікамі
паляванне на мядзведзяў у пушчы рэзка ўзмацнілася. Верагодна, гэты звер
знішчаўся не толькі з-за каштоўнасці яго шкуры, але і з прычыны шкоды, якую
наносілі мядзведзі бортніцтву. У "Апісанні пушчаў…” 1796 года знаходзім, што
тады ў пушчы налічвалася 7233 дрэвы з борцю. Пэўна, драпежнік, які любіць
паласавацца мёдам, наносіў немалую шкоду, невыпадкова яго на Беларусі называлі
бортнікам. У рэшце рэшт у 1846 годзе быў забіты апошні пушчанскі мядзведзь, які за
адно лета заеў пяць зубраў. У знішчэнні мядзведзя лясной ахове дапамаглі
прыезджыя браканьеры. Так што ў час палявання імператара Аляксандра II ў 60-х
гадах 19 ст. у пушчы мядзведзя ўжо не было. Пазней, у 1873-78 гадах, здараліся
выпадкі заходу гэтых драпежнікаў у запаведны лес. А ў 1937 годзе польская
лясная адміністрацыя спрабавала рассяліць мядзведзяў, прывезлі з Палесся сем
маладых ва ўзросце каля 1,5 года, аднак, яны загінулі з-за "канфліктаў” з
людзьмі. У 1938 годзе для аднаўлення папуляцыі мядзведзя прымянілі іншы спосаб:
прывезлі з Познаньскага заапарка цяжарную мядзведзіцу, у 317 квартале
(цэнтральная частка пушчы) збудавалі вальер з сеткай, дзе яе ўтрымлівалі. Калі
ж самка нарадзіла двух малых, сямейства выпусцілі на волю. У час Другой Сусветнай
вайны немцы выпусцілі ў пушчы яшчэ двух мядзведзяў, аднак, тыя ранілі і
забівалі людзей, таму драпежнікаў неўзабаве застрэлілі. Адразу пасля вайны ў
пушчы бачылі чатырох мядзведзяў: двух дарослых і двух маладых. Адзін з апошніх
быў неўзабаве забіты браканьерамі. Як і мядзведзяня, якое нарадзілася ў 1946
годзе. Аднак, у пушчы заставаўся яшчэ адзін мядзведзь, бо ў 1947 годзе лясная
ахова сустракала яго сляды на тэрыторыі Язвінскага і Хвойніцкага лясніцтваў.
Гэты дарослы звер, відаць, дажыў да 1950-га (у 137 квартале, якраз там, дзе ў
1937 годзе выпусцілі гэтых звяроў). Лёс апошняга мядзведзя Белавежскай пушчы
застаўся невядомым. У ліпені 2003 года непадалёк ад вёскі Клепачы егер Пружанскага лясгаса
ўбачыў сляды мядзведзя на аўсяным полі. Трымаўся звер, якому было каля двух
гадоў, у зарасніках на ўскраіне балота Дзікае, апошні раз яго бачылі ля вёскі
Залессе. Зараз у Нацыянальным парку – толькі два мядзведзі, якія ўтрымліваюцца
ў экскурсійных вальерах, завезлі іх з Пскоўскай вобласці Расіі. Такім чынам, буры мядзведзь – неад’емны атрыбут дзікай прыроды. Ці
магчыма аднавіць яго папуляцыю без канфлікта з чалавекам, невядома. Мядзведзі
імкнуцца ў глухія стараўзроставыя лісцёвыя і хвойныя лясы, дзе ёсць рэкі,
невялікія азёры, балоты, лясныя паляны і рэдка бываюць людзі. У Белавежскай
пушчы для гэтага найбольш падыходзіць паўночна-ўсходняя частка ляснога масіву з
верхавымі і нізіннымі балотамі. Мядзведзь – усяядны, здабывае дзікіх і хатніх
жывёл, ахвотна паядае іх рэшткі, насякомых, ягады, травяністыя расліны, лісце
некаторых дрэў і кустоў, насенне. У Беларусі буры мядзведзь нешматлікі, таму
занесены ў Чырвоную кнігу. Хоць паляванне на яго забаронена ўжо 70 гадоў,
колькасць невялікая – каля 80-100. | |
|
Всего комментариев: 0 | |