16:24 Чарговы трафей Нивы | |
Хтосьці 19 мая сачыў за
тэнісным фіналам у Рыме паміж Вікторыяй Азаранка (Беларусь) і Серэнай Уільямс
(ЗША), хтосьці – за развіццём падзей у матчы за "бронзу” чэмпіянату свету па
хакею паміж амерыканцамі і фінамі. А хтосьці наведаў у тыя гадзіны стадыён "Колас”
у Каменцы, дзе праходзіла фінальная сустрэча на кубак раёна па футболе, у якой
мераліся сіламі ФК "Ніва” (Доўбізна) і "Аграпрадукт” (Высокае). Ніхто з іх,
вядома, не прагадаў. Але, як кажуць, "своя рубашка ближе к телу”. Маю на ўвазе,
безумоўна, фінал камянецкі.
Перадгісторыя Выйграўшы 9 мая паўфінальны паядынак з "Агра-Зарэччам”, "Ніва” спакойна чакала фіналу. У дадатак напярэдадні "ніваўцы” разжыліся першымі ачкамі ў чэмпіянаце Брэсцкай вобласці, згуляўшы дома ўнічыю (0:0) з "Лакаматывам” з Брэста. На вынік жа гульні "Аграпрадукт” – "Ставы”, як вядома, быў пададзены пратэст, які пасля разгляду яго судзейскай калегіяй ніякіх дывідэндаў апелюючай камандзе не прынёс. Такім чынам, хоць і са спазненнем, высакаўчане ўсё ж трапілі ў фінал кубка, трэці год запар. Праўда, трафей выйграць у іх ні разу не атрымалася. У 2011 годзе на шляху да перамогі стала "Агра-Зарэчча”, а ў 2012 – "Ніва”. Некаторым скептыкам пасля перамогі "Чэлсі” 15 мая ў Лізе Еўропы захацелася пабачыць паўтор фіналу лігі чэмпіёнаў 2012 года, у якім "арыстакраты” сустракаліся з нямецкай "Баварыяй”. На жаль, не атрымаецца. Затое ў нас – калі ласка. "Ніва” і "Аграпрадукт” зноў, як і год таму, у фінале і, магчыма, "алейнікам” пашчасціць пазбавіцца статусу проста "ўдзельніка фіналу”. Ход гульні Матч у асноўным праходзіў у цэнтры поля ў вязкай барацьбе з мноствам дробных фалоў. У абароне каманды стараліся гуляць максімальна пільна і ўжо на подступах да штрафной правілы наадварот парушалі мала. А гол прыйшоў, калі яго і не чакалі. На 21-й хвіліне Аляксандр Бядзюк ("Ніва”) рашыўся на ўдар метраў з сарака. Ілья Баневіч, пэўна, не чакаў "стрэлу” з боку праціўніка, і мяч па дузе ўляцеў у дальні ад яго вугал варот. Рэабілітавацца кіпер "Аграпрадукта” змог толькі праз 15 хвілін. У эфектным скачку ў правы ад сябе вугал Ілья адвёў пагрозу пасля моцнага ўдару з-за межаў штрафной. На 8-й хвіліне другога тайма "алейнікі” зарабілі права на перспектыўны "штрафны”. Удар. Сценка. А ўжо праз хвіліну ў матчы была паказана першая жоўтая картка. І атрымаў яе ігрок "Аграпрадукта”. Увогуле, у пачатку і сярэдзіне другога тайма "Аграпрадукт” больш атакаваў. Нядзіва. Трэба было адыгрывацца. І толькі ў апошняй трэці матча "ніваўцы” страпянуліся. Спачатку на 33-й хвіліне загубілі выхад сам насам з варатаром. Мяч прасвісцеў вышэй "рамкі”. А праз пяць хвілін пасля дальняга ўдару мяч у сантыметрах прасвісцеў над перакладзінай. На гэтым "ніваўцы”, відаць, супакоіліся. І дарэмна. Раман Саўчук адгукнуўся на перадачу партнёра з фланга і з межаў штрафной ускалыхнуў сетку. Ішла 43-я хвіліна. Чатыры дабаўленыя арбітрам хвіліны нічога ў матчы не змянілі і былі назначаны два дадатковыя таймы. Не прайшла і хвіліна, як рэферы назначае пенальці ў бок "Аграпрадукта” за штуршок іграка ў штрафной. Назначае і вызывае буру эмоцый як на полі, так і ў глядацкіх радах. (Бадай, самы нервовы момант у матчы.) Ніхто не разумее, за што сія аказія. "Алейнікі” спрабуюць апеляваць да рэферы, але ўсё дарма. Дык што ўсё ж здарылася? Паспрабуем пакадрава разабраць сітуацыю. Ілья Баневіч не змог зафіксаваць мяч. На яго каршуном наляцеў "нівавец”. Завалодаў мячом. Затым арбітр угледзеў штуршок з боку варатара. А потым паследаваў удар… вышэй варот. Вынік вядомы. Пенальці. Наколькі ён легітымны? Пытанне другое. Фармальна і прычына быццам бы ёсць. А на душы нейкі асадак. Усё ж мець прычыну і назначыць, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Фінал як-ніяк. (Бывае, калі хто сочыць за еўрапейскім футболам, пенальці не ставяць і не за такія "яўныя” фалы.) А так пасля ўдару Аляксандра Бядзюка "ніваўцы” зноў выходзяць наперад. І гульня зламалася. Стала больш грубых фалоў. Эмоцыі пераліваліся цераз край. Тым не менш, камандам хапіла вытрымкі не ператварыць футбол у баксёрскі паядынак. За гэта ім асобны "дзякуй”. Але вернемся непасрэдна да падзей на полі. Пасля рэалізаванага пенальці ў першым дадатковым тайме нічога важкага больш не адбылося. А вось у другім проста галявое "цунамі” накрыла. Ішла трэцяя хвіліна, як вызначыўся Дзяніс Піліпчак. 3:1. Праз хвіліну Іван Назарук галавой замкнуў навес з вуглавога. 4:1. Праходзяць дзве хвіліны, і "Ніва” застаецца ў меншасці: чырвоную картку атрымаў Сяргей Мацэвіч. Бадай, лепшы ігрок даўбізнянскай дружыны. А на 10-й хвіліне партнёры дыяганальнай прадачай у разрэз паміж абаронцамі вывелі Андрэя Братэнка ("Аграпрадукт”) сам-насам з Сяргеем Яўтуховічам. Андрэй не даў маху. 4:2. На гэтым і ўсё. Апошнія 5 хвілін гульні нічым адметным не запомніліся. Віншуем "Ніву”! 9-ы трафей за 6 апошніх гадоў, кубкавы – 5-ы. Слоў няма. Статыстыка ўражвае. Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам, граматай і грашовай прэміяй ад арганізатара турніру – аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. | |
|
Всего комментариев: 1 | ||
| ||